Эйсмант заявіў, што пры Зяленскім да 2022 года на Данбасе загінулі тысячы мірных жыхароў. Гэта праўда?
Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі ў эфіры свайго тэлеканала раптам паўтарыў даўно абвергнуты фэйк.
На канале «Беларусь 1» працягваецца цыкл перадач «Час выбраў нас». Іван Эйсмант вырашыў сумясціць фармат, які вельмі аддалена нагадвае «Намедни» Леаніда Парфёнава, з перадвыбарчай агітацыяй за Лукашэнку.
Кожны выпуск прысвечаны асобнаму году ў гісторыі Беларусі і свету. Большая частка эфірнага часу адводзіцца расказам пра тыя ці іншыя дасягненні суверэннай Беларусі, якія прыпісваюцца Лукашэнку.
У серыі, прысвечанай 2018 годзе, Эйсмант успомніў Уладзіміра Зяленскага, які стане прэзідэнтам толькі ў наступным, 2019-м. І паўтарыў фэйк расійскай прапаганды, які ўжо даўно зняпраўдзілі.
«Паверыўшы казкам Зяленскага, што ён спыніць бойню на Данбасе, людзі галасуюць за акцёра. І той іх падманвае.
З прыходам вядомага коміка на Банкавую Кіеў развязвае агрэсіўную антыбеларускую палітыку. Абстрэлы Данецка і Луганска толькі ўзмацняюцца. Гінуць тысячы мірных жыхароў», — між іншым кідае Эйсмант.
У снежні 2021 года Уладзімір Пуцін параўнаў сітуацыю ў Данецкай і Луганскай абласцях з генацыдам: «Тое, што цяпер адбываецца на Данбасе, мы з вамі добра бачым, ведаем. Гэта, вядома, вельмі нагадвае генацыд». Неўзабаве ён выкарыстаў гэтую відавочную дэзынфармацыю як адну з падстаў для поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Па вызначэнні ААН, генацыд — гэта дзеянні, якія здзяйсняюцца з намерам знішчыць, цалкам ці часткова, якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую або рэлігійную групу як такую. Мала таго, што «народ Данбаса», пры ўсіх асаблівасцях гэтага ўкраінскага рэгіёна, як нейкая асобная этнічная або нацыянальная група існуе толькі ў расійскай прапагандзе, так і статыстыка не пацвярджае ніякага генацыду.
Прычым гаворка ідзе не столькі пра лічбы ААН або місіі АБСЕ, якія расійскія ўлады і прапагандысты маглі б абвінаваціць у прадузятасці. Нават афіцыйная статыстыка ўладаў «ДНР» і «ЛНР» па-здрадніцку абвяргае тэзіс Эйсманта пра тысячы забітых пры Зяленскім мірных жыхарах.
Інфармацыяй пра загінулых на акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці штогод дзялілася ведамства ўпаўнаважанага па правах чалавека «ДНР». Тыя даклады да гэтага часу даступныя.
Так, у 2017 годзе загінулі 32 мірныя жыхары, у 2018-м — 19, у 2019-м — 9, у 2020-м — 9, у 2021-м — 7. Няцяжка заўважыць, што з 2019 года пры Зяленскім не было ніякіх тысяч забітых мірных жыхароў.
Дарэчы, амбудсмен «ДНР» у дакладзе за 2020 год адзначаў, што змяншэнню страт сярод цывільнага насельніцтва паспрыяла абвешчанае бестэрміновае перамір'е на Данбасе. Перамір'е гэта было абвешчана як раз пры Зяленскім. У тым жа дакладзе адзначана, што
«2020 год адзначыўся самым нізкім паказчыкам смяротнасці за ўвесь перыяд узброенага канфлікту».
Ва ўсіх дакладах асобна падкрэсліваецца, што большасць страт як сярод цывільных, так і сярод вайскоўцаў прыпадае на 2014 і 2015 гады. Тады ўзброеныя атрады, якія падтрымліваліся Крамлём, захапілі ўкраінскія Славянск і Краматорск, чым справакавалі поўнамаштабныя баявыя дзеянні.
За два гады загінуў 3941 чалавек, прычым колькі з іх цывільных, не адзначаецца. Пасля пачатку працэсу мірнага ўрэгулявання колькасць загінулых рэзка скарачаецца. Усе гэтыя людзі не загінулі б, калі б Крэмль не ўзбройваў сепаратыстаў і не спрабаваў адарваць частку іншай дзяржавы.
У «ЛНР» статыстыку па загінулых не публікавалі. Але вядома, што за ўвесь 2021 год на акупаванай частцы Луганшчыны загінуў адзін мірны жыхар. Гэта афіцыйная заява ўладаў «ЛНР».
Увогуле, у 2021 годзе ў «ЛДНР» загінулі восем цывільных. А ўжо ў наступным годзе Уладзімір Пуцін абвінаваціў украінскія ўлады ў генацыдзе і пачаў поўнамаштабную вайну пад сцягам «выратавання народа Данбаса», у якой, паводле даных ААН на снежань 2024 года, былі забітыя ўжо 12462 мірныя жыхары.
Прапагандысты на БТ гаруюць па загінулых на Данбасе дзецях. Але хто іх забіваў і забівае?
У інтэрнэце разляцеўся фэйк пра атручэнне ў Маскве сірыйскага дыктатара Башара Асада
«Кіраўніцтва БНФ абяцала кожнаму ўдзельніку па адной сасісцы». Што пішуць у метадычках для ідэолагаў
Расійскі Z-канал запусціў фэйк пра акцыі пратэсту напярэдадні выбараў у Беларусі
Каментары