«Я адчула палёгку». Жонка экс-каліноўца Верамейчыка пракаментавала зліў перапіскі Кабанчука
Жонка Васіля Верамейчыка Яўгенія пракаментавала ў эфіры «Белсату» зліў перапіскі прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета ў справе нацыянальнай бяспекі Вадзіма Кабанчука і распавяла, што сёння вядома пра яе мужа.
Яўгенія Верамейчык упэўненая, што былое кіраўніцтва і Вадзім Кабанчук зрабілі ўсё, каб Верамейчыку забаранілі ўезд ва Украіну. Пасля яму адмовілі ва ўездзе ў Літву, і ў выніку ён быў з В’етнаму перададзены ўладам Беларусі.
«Я адчула палёгку, — каментуе зліў Яўгенія. — Таму што тое, што мы з Васілём ведалі альбо здагадваліся на 99 %, стала вядома публічна. І ў нас з’явіліся фармальныя доказы, на падставе якіх мы можам звяртацца да асобаў, датычных да таго, што ў Васіля з’явілася забарона на знаходжанне ва Украіне».
Пасля таго, як ліставанне Кабанчука з’явілася ў сеціве, ён не звязваўся з Яўгеніяй, распавядае яна.
«Я пакінула яму каментар пад допісам у Facebook, на што ён мне адказаў, што ён не вельмі разумее, чаму цяпер варта ўздымаць гэтае пытанне, што з таго, што мы цяпер знімем гэтую забарону [на ўезд. — Заўв. рэд.] ці не. Я гэтую размову з ім не працягвала ў сацыяльных сетках і звярнулася да журналістаў, бо хацела, каб мой каментар пачула як мага больш людзей», — працягвае Яўгенія.
Яна лічыць, што Верамейчык пацярпеў падчас унутранага канфлікту і падзелу ўлады ў палку Каліноўскага.
«Мы цяпер бачым, што Васіля скарысталі дзеля дасягнення мэтаў іншых людзей. Мы ведалі, што ў палку адбываецца нейкі падзел уладаў. Трэба разумець, што кіраўніцтва палка цяпер іншае. То-бок, мы кажам пра 2022 год і пра тых людзей, якія былі ў кіраўніцтве на той час.
Гэтыя людзі хацелі захаваць манаполію над беларускім рухам ва Украіне. Яны не жадалі прыслухоўвацца, дзяліцца гэтай уладай і рабілі ўсё магчымае, каб не пакідаць побач з сабой людзей, якія прэтэндавалі на кіраванне, на тое, каб выказваць свае думкі. Васіль уласна такі чалавек», — працягвае Яўгенія.
Ці сапраўды канфлікт мог быць звязаны з Вадзімам Пракоп'евым, яна не ведае.
«Можна сказаць, што ў стане ён нармальным»
Што да Літвы, то выпадак з Верамейчыкам не адзіны такі ў дачыненні беларусаў. Ягоная жонка лічыць, што забарона на ўезд у ЕЗ і знаходжанне ў Літве маглі быць прынятая не толькі праз тое, што Верамейчык быў афіцэрам у беларускім войску, а і праз забарону Украіны.
«Паглядзелі, што чалавеку забаронены ўезд ва Украіну — значыць, нешта там не чыста», — кажа Яўгенія.
Што цяпер адбываецца з Васілём, амаль не вядома.
«Усё што мы ведаем, — гэта тое, што ён у СІЗА КДБ. Ад яго дайшла пара лістоў. Можна сказаць, што ў стане ён нармальным. Больш мы нічога не ведаем. Ніякіх падрабязнасцяў крымінальнай справы, нічога», — кажа Яўгенія Верамейчык.
Трэба прызнаць памылку, каб дапамагчы Верамейчыку
Яўгенія падкрэслівае, што вельмі хоча звярнуцца да Аб’яднанага пераходнага кабінету, дзе цяпер Кабанчук, таксама да кіраўніцтва палка Каліноўскага і да самога Кабанчука.
«Я спадзяюся, што нас аб’ядноўвае жаданне бачыць вольную Беларусь, дзе будуць праяўляць пашану да законаў і правоў чалавека, — кажа ім Яўгенія. — Калі гэта так, то мы мусім не забываць, што адна з найгалоўнейшых каштоўнасцяў, што ляжыць у аснове канцэпцыі правоў чалавека, — гэта чалавечая годнасць. І мы мусім паважаць чалавечую годнасць, годнасць Васіля.
Мы мусім прызнаваць яго самадастатковым чалавекам і не выкарыстоўваць у дасягненні мэтаў іншых людзей. Мы бачым, што забарона на ўезд ва Украіну стала вынікам не нейкіх асабістых учынкаў Васіля. А гэта вынік падзелу ўлады, жадання захаваць манаполію на беларускі рух ва Украіне. І цяпер мы мусім зрабіць усё магчымае, каб ачысціць імя Васіля».
Калі ў кагосьці ёсць нейкія доказы супраць Верамейчыка, то варта паказаць іх адкрыта, падкрэслівае ягоная жонка.
«Калі мы імкнёмся ўсе разам да Беларусі, дзе будзе панаваць права, то, калі ў нас ёсць нейкія абвінавачванні, гэта ўсё мусіць адбывацца вельмі празрыста. Мы не карыстаемся сваімі сувязямі ў эміграцыі, з СБУ і іншае. Калі ў вас ёсць нейкія абвінавачванні, пакажыце іх, калі не — прызнайце, што вы зрабілі памылку. І зрабіце ўсё ад вас залежнае, каб гэту памылку выправіць».
Яна падкрэслівае, што цяпер ідзе вялікая і цяжкая праца, скіраваная на вызваленне яе мужа. Дзеля гэтага трэба ўзаемадзейнічаць з рознымі арганізацыямі і краінамі, а забарона на ўезд ва Украіну выклікае ў іх шмат пытанняў.
«Таму, каб працягваць гэтую справу, каб кейс з Васілём выглядаў больш зразумела для іншых арганізацыяў і краінаў, мы мусім сказаць, што так, забарона была, але гэта была памылковая забарона, і яна была знятая. Для нас [сям’і Васіля] гэта вельмі важна з усіх пералічаных пунктаў гледжання», — падводзіць рысу Яўгенія.
Кабанчук адмаўляе датычнасць да справы
Вадзім Кабанчук у размове з «Белсатам» адзначае, што ўжо тлумачыў у сацсетках, што не мае дачынення да забароны на ўезд Васіля Верамейчыка ва Украіну.
«Мне было б дзіўна, калі б хтосьці з беларусаў меў да гэтага дачыненне. Гэта прэрагатыва ўкраінскіх службаў», — кажа Кабанчук.
Што да падрабязнасцяў зліву і магчымай сувязі Верамейчыка з Пракоп'евым, Кабанчук дадаў, што размовы ў пытаннях бяспекі ішлі не толькі пра Васіля.
«Гэта рабочы працэс. Проста вырвалі з кантэксту фразу прозвішча Верамейчыка і прышылі да справы пра забарону на ягоны ўезд. Наколькі я памятаю, ён тады ўсплыў ускосна, бо з’явілася дадатковая інфармацыя пра сувязі людзей, якія нас цікавілі. І ў гэта поле трапіў Верамейчык», — адзначае Кабанчук.
Ён дадае, што не ведае, чаму Васілю маглі забараніць прыязджаць ва Украіну.
Беларускага добраахвотніка Васіля Верамейчыка затрымалі 13 лістапада 2024 года ў Ханоі.
«Кубло такое». З перапісак Кабанчука робіцца ясна, чаму Верамейчыка палічылі небяспекай і забаранілі яму ўезд ва Украіну
Кабанчук: Я не датычны да справы Верамейчыка і наогул не ведаў, што яго занеслі ў стоп-ліст на ўезд
«Нічога крытычнага там не захоўваў». Кабанчук пракаментаваў узлом свайго акаўнта ў тэлеграме
Каментары
Гэта цікавая акалічнасць.
Па сцверджанні жонкі Васіль меў амбіцыі на кіраванне палком.
Гэта магло выклікаць падазрэнні. Касцяк палка Каліноўскага, які ваюе з 2014 года стварае батальён, які пашыраецца да палка. Батальён мае акрэсленую нацыянальна-арыентаваную ідэалогію.
І далей пачынаюць прыязджаць розныя Сахашчыкі, Пракоп'евы, Бульбы і ўсе яны чамусьці адразу хочуць кіраваць і ўзначаліць.
Калі ім гэтага не дазваляюць, адны адразу з'язджаюць, як Бульба, іншыя нешта спрабуюць стварыць сваё як альтэрнатыву ПКК, але ў выніку таксама з'язджаюць, а іх маленькія атрады з громкімі назвамі застаюцца адны. Байцы пераходзяць у іншыя падраздзяленні і ў той жа ПКК.
І дзейнічае!