Гісторыя99

Як 11 жанчын прапанавалі сябе ў абмен на арыштаваных

Сёлета спаўняецца 80 гадоў з моманту знішчэння 11 навагрудскіх сясцёр-назарэтанак, якія добраахвотна ахвяравалі сваімі жыццямі за ўратаванне мясцовых жыхароў. Распавядаем пра іх з'яўленне на Беларусі і духоўны гераізм. Беларусь ізноў пагрузілася ў таталітарызм, і столькі сёння паралеляў са змрочнымі момантамі ХХ стагоддзя.

Фота: Catholic.by

З’яўленне сясцёр-назарэтанак звязана з постаццю біскупа Лазінскага, які нарадзіўся пад Навагрудкам. У рэвалюцыйны 1917 год ён быў пастаўлены біскупам у адноўленую Мінскую дыяцэзію, якая была скасаваная ў 1869 годзе, у хуткім часе пасля здушэння паўстання Каліноўскага.

Лазінскі заставаўся ў Мінску да апошняга, у 1920 годзе яго арыштуюць бальшавікі і пасля вышлюць у Польшчу, дзе ён узначаліць Пінскую дыяцэзію, у склад якой уваходзіў і Навагрудскі дэканат. 

Біскуп Зыгмунт Лазінскі, прыхільнік беларусізацыі касцёла, які запрасіў у Навагрудак сясцёр-назарэтанак, і Марыя Стэла (Адэля Мардасевіч), якая стаяла на іх чале. Марыя Стэла была адной з дзвюх загінулых манашак, што паходзілі з Беларусі. Фота: Wikimedia Commons

Менавіта па запрашэнні пінскага біскупа першыя сёстры-назарэтанкі прыбылі 14 верасня 1929 года ў Навагрудак. Кангрэгацыю сясцёр Св. Сям’і з Назарэта, як афіцыйна завуцца назарэтанкі, заснавала ў 1875 годзе польская манашка Францішка Сядліская. Назарэтанкі вялі актыўную дабрачынную дзейнасць, працавалі ў прытулках для сірот, бальніцах, школах і дзіцячых садках, займаліся катэхізацыяй. 

Праўда, у беларускім горадзе іх прынялі холадна, але біскуп Лазінскі загадаў ім «Навагрудак не пакідаць, трымацца на сваёй варце! Гэта Божая Воля і мая». Свой наказ у Навагрудак напісала і Генеральная ігумення Ордэна, у якім заклікала «адважна прайсці праз усе выпрабаванні, бо вялікія справы там адбудуцца», што цяпер успрымаецца як прароцтва. 

Сёстры атрымалі пад сваю апеку адноўлены і наноў асвечаны Фарны касцёл, які стаяў зачыненым з часоў апошняга паўстання. Ужо ў верасні 1930 года яны адкрылі пачатковую школу, а праз некалькі месяцаў і сярэднюю. Праз тры гады заняткі пачаліся ўжо ў новым драўляным будынку, які захаваўся да нашага часу па вуліцы 1 Мая, па іншы бок ад касцёла.

Навагрудскія сёстры-назарэтанкі

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР пачалася барацьба з рэлігіяй. Бальшавікі забаранілі назарэтанкам насіць манаскае адзенне, так званыя хабіты, і супольна жыць у кляштары. Фарны касцёл быў у іх адабраны і ператвораны ў магазін гаспадарчых тавараў. Сёстрам у гэты момант адносна пашчасціла, бо многія духоўныя асобы былі арыштаваныя і скончылі жыццё пакутніцкай смерцю, а яны нават мелі магчымасць сустракацца, але толькі падчас Святой Імшы і набажэнстваў. 

Драўляны кляштар назарэтанак захаваўся да нашага часу на іншым баку вуліцы ад Фары. І хоць яго гісторыя звязана як з ахвярай сясцёр, так і з падзеямі Халакоста, ён пакуль пад ахову не ўзяты. Фота: Google

У 1941 годзе Навагрудак быў акупаваны нядаўнім савецкім саюзнікам — нацысцкай Германіяй. Нямецкія ўлады ў разліку на народныя сімпатыі пасля бальшавіцкага прыгнёту дазволілі адрадзіць духоўнае жыццё на акупаваных тэрыторыях, бесперашкодна здзяйсняць богаслужэнні і аднаўляць адабраныя камуністамі святыні. Навагрудскія назарэтанкі зноў апрануліся ў хабіты і вярнуліся да супольнага жыцця ў сваім кляштары. 

Але нацысты адразу пачалі і рэпрэсіі супраць яўрэйскага насельніцтва горада. Ужо 26 ліпеня 1941 года на гарадской плошчы паказальна расстралялі 52 чалавек. У канцы года непрацаздольным загадалі сабрацца ў жаночым кляштары на вул. 3 Мая. Тых, хто прыйшоў да кляштара, вывозілі да вёскі Скрыдлёва, дзе па афіцыйных падліках было расстраляна ад 4 000 да 5 100 яўрэяў.

1500 адабраных яўрэяў пасялілі ў гета. З сакавіка сюды ж пачалі звозіць яўрэяў з навакольных мястэчак, у выніку тут аказалася ўжо 5000 чалавек. 

Яўрэйскі партызанскі атрад братоў Бельскіх, які дзейнічаў у Налібоцкай пушчы, узнік дзякуючы тым, хто здолеў бегчы з Навагрудскага гета. Але тысячам яўрэяў, што засталіся ў горадзе, ніхто ўжо дапамагчы не змог. Фота: Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей

Ужо ў красавіку 1942 года пачаліся ўцёкі з гета. У суседняй Налібоцкай пушчы ўлетку быў створаны знакаміты яўрэйскі партызанскі атрад братоў Бельскіх, які за кошт тых, хто збег з Навагрудскага гета, вырас да 250 чалавек. Восенню 1942 года атрад Бельскіх пачаў баявую дзейнасць і заваяваў аўтарытэт сярод партызан, з гэтым атрадам звязаны надзеі на выратаванне большасці вязняў гета. Але большасць яўрэяў расстраляюць у той жа час, рэшту — у пачатку 1943 года, калі ліквідуюць гета.

Моцным быў у гэтым рэгіёне і польскі партызанскі рух. 19 чэрвеня 1943 года падпольная Армія Краёва, чые магілы цяпер вынішчае рэжым Лукашэнкі, правяла сваю самую маштабную аперацыю, у выніку якой захапіла мястэчка Івянец, які размяшчаўся па іншы бок Налібоцкай пушчы ад Навагрудка, і разбіла тамтэйшы нямецкі гарнізон. Ад 100 да 200 супрацоўнікаў Беларускай дапаможнай паліцыі добраахвотна перайшлі на бок польскага атрада. Партызаны пасля аперацыі адышлі ў пушчу, дзе блакавалі галоўную дарогу, якая праходзіла праз яе — гасцінец Мінск — Навагрудак.

Партызаны, схопленыя немцамі, падчас аперацыі «Герман». Фота: Wikimedia Commons

Звесткі аб Івянецкім паўстанні шырока пранесліся па Навагрудчыне і сур’ёзна занепакоілі нямецкае камандаванне. Акупанты вырашылі любой цаной ліквідаваць партызанскія базы ў Налібоцкай пушчы.

З гэтай мэтай былі задзейнічаны сур’ёзныя сілы ў памеры да 60 тысяч салдат і паліцаяў, з падтрымкай авіяцыі, артылерыі і браніраванай тэхнікі. Карнай аперацыяй пад назвай «Герман», асабіста кіраваў Начальнік СС і паліцыі ў Беларусі, брыгадэнфюрар Курт фон Готберг. 

У ходзе аперацыі нямецкія войскі спалілі больш за 60 беларускіх вёсак і забілі 4280 мірных людзей. Мэтай рэпрэсій сталі, у прыватнасці, мужчыны і хлопчыкі, якіх лічылі памочнікамі партызанаў або членамі іх сем’яў. Іх расстрэльвалі, вешалі, спальвалі жыўцом ці адпраўлялі на абарончыя работы на ўсходнім фронце, дзе ў большасці выпадкаў яны зніклі без следу. На прымусовыя работы ў трэці Рэйх вывезлі ад 20 да 25 тысяч чалавек, у т.л. больш за 4 тысячы дзяцей.

Не абышла нацысцкая помста і Навагрудак. Хваля арыштаў накрыла горад у ноч з 17 на 18 ліпеня 1943 года. Па падазрэнні ў сувязі з Арміяй Краёвай гестапаўцы захапілі тады каля 120 чалавек, бацькоў і членаў каталіцкіх сем’яў, каб расстраляць іх. Пагроза смерці навісла і над адзіным у наваколлі ксяндзом Аляксандрам Зянкевічам, імя якога было ў гестапаўскіх спісах.

Фарны касцёл у Навагрудку, якім апекаваліся сёстры-назарэтанкі і дзе яны ўрэшце знайшлі апошні спачын.

Марыя Стэла (свецкае імя Адэля Мардасевіч), якая стаяла на чале мясцовых назарэтанак, прапанавала нямецкім акупацыйным уладам замяніць сабой арыштаваных мірных жыхароў і ксяндза. Камісар Навагрудка, немец Траўб, атрымаў згоду свайго начальства ў Мінску адправіць на прымусовыя працы ў Германію асуджаных на смерць мірных жыхароў, бо арышты праводзіліся гестапа ў яго адсутнасць. Вываз на працы адбыўся 24 ліпеня, некаторых арыштаваных адпусцілі.

31 ліпеня 1943 года Марыя Стэла атрымала ад гестапа вусны прыказ прыйсці ўвечары ў 19:30 у камісарыят разам з сёстрамі. 11 сясцёр прыйшлі і, пасля дзвюх гадзін знаходжання ў камісарыяце, іх пад канвоем вывелі і пасадзілі ў грузавік, а потым вывезлі за горад. Праўда, раптам вярнулі назад. Апошнюю ноч сёстры правялі ў падвале будынка камісарыята.

У нядзелю 1 жніўня 1943 года на світанні сясцёр вывезлі і расстралялі ў невялікім бярозава-хваёвым Батароўскім лесе за пяць кіламетраў ад Навагрудка. Але ўсе вывезеныя на прымусовыя працы жыхары горада, дзякуючы іх ахвяры, перажылі вайну.

Крыж на месцы расстрэлу сясцёр-назарэтанак. Фота: Catholic.by

Перажыла гэту ноч і адна з назарэтанак, сястра Малгажата Банась, якая працавала тады ў шпіталі. Перад тым, як сёстры пайшлі ў гестапа, настаяцельніца загадала ёй ісці ў кляштар і паклапаціцца пра касцёл і ксяндза. Пасля вызвалення Беларусі яна разам з сёстрамі з Вільні дамаглася эксгумацыі целаў забітых. Паводле сведчанняў іншай манашкі, якая ўдзельнічала ў эксгумацыі, нехта з навагрудскіх сясцёр, мяркуючы па паставах, мог быць закапаны жыўцом. Целы перапахавалі 19 сакавіка 1945 года побач з Фарным касцёлам, абрады праводзіў той самы выратаваны ксёндз Зянкевіч.

Пасля выезду святара ў Польшчу сястра Малгажата засталася ў Навагрудку адна і ажно да сваёй смерці ў 1966 года даглядала касцёл і магілу. Каб не дапусціць закрыцця святыні, яна арганізавала ў нядзелі і святы набажэнствы без святара. 

Звесткі пра святасць і пакутніцтва сясцёр захоўваліся ў супольнасці і пашыраліся сярод вучняў навагрудскай школы. Іх намаганнямі падзея была ўшанавана памятнымі дошкамі ў генеральным доме ў Рыме і ў касцёле сясцёр у Варшаве. 

Саркафаг сясцёр-назарэтанак у капліцы Фарнага касцёла. Фота: Wikimedia Commons

У 1991 года ў Варшаве распачаўся беатыфікацыйны працэс сясцёр. Улетку таго ж года адбылося перанясенне парэштак у саркафаг у бакавой капліцы каля алтара Маці Божай Навагрудскай у Фарным касцёле. 5 сакавіка 2000 года Рымскі Папа Ян Павел II прылічыў Адэлю Мардасевіч і яе паплечніц да ліку блажэнных. У 2002 годзе пачалася беатыфікацыя і сястры Малгажаты Банась, чые парэшткі ў чэрвені наступнага года былі перанесены з мясцовых могілак да саркафага сясцёр.

Сёлета, калі спаўняецца 80 гадоў з моманту знішчэння 11 сясцёр-назарэтанак, як паведамляе сайт Catholic.by, памятныя ўрачыстасці адбудуцца ўвечары 31 ліпеня ў Батароўскім лесе, які стаў месцам загібелі, і працягнуцца ў Фарным касцёле да імшы ў 4:30 наступнага дня — прыкладнага часу расстрэлу сясцёр. 

Фота: Catholic.by

Афіцыйны беларускі рэжым, падняўшы кампанію па расследаванні «генацыду беларускага народа», якая прызваная не столькі знайсці і пакараць вінаватых, ушанаваць памяць пра ахвяр, колькі ачарніць палітычных праціўнікаў і распаліць варожасць да дзяржаў Еўрасаюза, вядома, абміне гэтую нязручную падзею.

Яна не ўпісваецца ў сённяшнюю рыторыку варожасці да ўсяго, што выходзіць па-за межы прасавецка-русафільскай ідэалогіі. Ахвярамі і героямі могуць быць толькі прыхільнікі савецкага рэжыму, а ўсе нязгодныя з ім — гэта памагатыя нацыстаў, нават калі аддалі жыцці ў супрацьдзеянні ім. Менавіта па такой логіцы вынішчаецца памяць пра байцоў Арміі Краёвай, вынішчаецца памяць пра беларускіх дзеячаў, якія заставаліся ў акупацыі.

І справа ўшанавання духоўнага подзвігу сясцёр-назарэтанак застанецца справай выключна Каталіцкага Касцёла, які цяпер і сам цярпіць ад пераследу.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытаце таксама:

У Наваградку паставілі калону са скульптурай святога заступніка горада

Папа Францішак назваў гэту беларускую жанчыну святой. Расказваем, хто гэта

Нунцый Антэ Ёзіч правёў інаўгурацыю Апостальскай адміністратуры для грэка-католікаў у Беларусі

Марзалюк паказаў «сведчанне злачынстваў пад бела-чырвона-белым сцягам». Але гэта хлусня — вось што на фота

Каментары9

  • Историк
    29.07.2023
    [Рэд. выдалена]
  • [Рэд. выдалена]
    29.07.2023
    гэта ітог тысячагадовага панавання хрысціянства і ягоных "пераваг" - катаванняў, адсутнасці адукацыі, медыцыны і г.д.
  • асоба цынічна
    29.07.2023
    "Праўда, у беларускім горадзе іх прынялі холадна,"

    а на якой мове яны навучалі і чаму навучалі дзяцей? пры гэтым можа яшчэ лупцавалі лінейкай па руках?

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Галоўнае
Усе навіны →