Грамадства1212

«У наступным годзе іх тут не будзе». Як Свята-Елісавецінскі манастыр гандлюе ў Польшчы

Свята-Елісавецінскі манастыр з Мінску адкрыта падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны. Частка грошай, якія манашкі збіраюць продажам сваёй прадукцыі, ідзе расейскай арміі: на іх купляюць лекі, аўтамабілі ўзброеным сілам РФ. Але гэта сродкі не толькі беларускіх ці расейскіх праваслаўных вернікаў, але і жыхароў еўрапейскіх краінаў. У прыватнасці — палякаў. Намёт з мінскага манастыра «Белсат» сустрэў на Фестывалі трох культур у Владаве, польскім горадзе на мяжы з Беларуссю і Украінай.

Наведвальнікі Фестывалю трох культур аглядаюць прадукцыю Свята-Елісавецінскага манастыра. Ўладава, Польшча. 21 верасня 2024 года. Фота: Белсат

Майстры канспірацыі

Фестываль трох культур у Владаве праходзіць з 1995 года. Яго мэта — паказаць спадчыну юдаізму, праваслаўя і каталіцызму, трох культураў, якія спрадвеку прысутнічаюць у мястэчку на мяжы трох краінаў — Польшчы, Украіны і Беларусі.

Мы прыехалі ў Владаву ў другі дзень фестывалю. Галоўныя падзеі адбываліся ў цэнтры гораду, каля музейнага комплексу трох сінагог. На невялікай вулачцы сярод старой забудовы пад каштанамі размясціўся кірмаш. У намётах можна было набыць рамесныя вырабы, пакаштаваць польскія, літоўскія, украінскія прысмакі. Гучала музыка на любы густ. Каля музею — сцэна, на якой пазней мусіў адбыцца канцэрт, а навокал — рэканструкцыя падзеяў з гісторыі Владавы.

Намёт Свята-Елісавецінскага манастыра сярод іншых заўважыць няпроста. Хоць ён і ў цэнтры, якраз ля музею і сцэны, на ім не было ніякіх надпісаў ці пазнак, з якіх было б ясна, адкуль прыехалі ўласнікі прадукцыі, што ў ім прапаноўвалася. Такая канспірацыя моцна ўводзіла ў зман наведнікаў фестывалю.

Мы зразумелі, з чым маем справу, калі прыгледзеліся да тавараў, якія прадавала жанчына ў белым вэлюме з крыжыкам на галаве — напэўна, манашка менскага манастыра. На ўпакоўках травяных збораў, духмяных алеяў, лекаў быў указаны вытворца: Свята-Елісавецінскі манастыр.

«Я не даю інтэрв’ю»

— Адкуль увесь гэты тавар? — пытаемся ў манашкі.

— З Менску, Свята-Елісавецінскі манастыр, — не хаваючыся, адказвае яна. — Мы прыязджаем сюды ўжо 10 гадоў.

Жанчына размаўляе з намі па-польску. Калі мы запыталіся ў яе, ці можам пагутарыць па-расейску ці па-беларуску, яна сказала, што не, толькі па-польску.

— Дык пані ж з Беларусі, з Менску?

— Не, я з Польшчы.

Мы працягнулі размову з манашкай па-беларуску, і непадобна было, каб яна не разумела. Як так можа быць, што яна рэпрэзентуе беларускі манастыр, але сама нібыта з Польшчы, жанчына не патлумачыла.

— Кіраўніцтва Свята-Елісавецінскага манастыра адкрыта падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны, і заробленыя манастыром грошы ідуць на гэтую вайну. Што вы пра гэта думаеце? — пытаемся. Але працягваць размову манашка не хоча.

— Я не даю інтэрв’ю. Калі ў вас ёсць пытанні, звяртайцеся ў манастыр. Я не ўпаўнаважаная адказваць. Вы мне перашкаджаеце, задаяце асабістыя пытанні. Гэта вельмі няветліва з вашага боку, — сказала манашка ўсё гэтак жа па-польску.

Манахіня Свята-Елісавецінскага манастыра на Фестывалі трох культур. Ўладава, Польшча. 21 верасня 2024 года. Фота: Белсат

«Не цікаўлюся палітыкаю»

Да размовы далучылася пакупніца, калі пачула пра Украіну:

— Зашмат украінцаў у Польшчы. Яны шмат кепскага робяць.

— А было б лепш, калі б расейцы сюды прыйшлі? — пытаемся.

— Так, было б лепш, — адказвае жанчына.

— А вы што думаеце пра тое, што беларускі манастыр, які падтрымлівае вайну ва Украіне, прадае свае тавары ў Польшчы? — пытаемся ў сямейнай пары сталага веку.

— Праўда? Мы не ведалі, тут напісана «Кітай» на прадукцыі. Ясна, што мы не падтрымліваем, — адказваюць яны.

— Не цікаўлюся палітыкаю, не браў гэта пад увагу, не задумваўся, — сказаў паляк пенсійнага веку.

Жанчына, якая даволі шмат набыла ў намёце манастыра, пахваліла прадукцыю:

— Ведаю іхныя вырабы і ўсім раю. Я раней сабе і праз інтэрнэт замаўляла. Цяпер купіла сродкі для суставаў, для паляпшэння сну.

— А вы ведаеце, што яны падтрымліваюць Расею ў вайне супраць Украіны?

— Мне не хочацца пра гэта выказвацца, — жанчына хутка сышла.

«Атрымліваецца, я падтрымаў сёння Расею»

Амаль усе наведнікі фестывалю, якія падыходзілі да намёту і з якімі мы гутарылі, адказвалі прыкладна гэтак жа: не ведалі, не цікавяцца палітыкаю, прапаганды хапае з усіх бакоў. Хтосьці не верыў нам.

«Штосьці вы не тое кажаце. Манастыр збірае грошы для сябе, на свае патрэбы. Гэта ж рэлігійная ўстанова», — сказаў адзін мужчына.

Мясцовы жыхар Цыпрыян, які прыйшоў на фестываль у прыгожай кашулі чорнага колеру з чырвонаю вышыўкаю, таксама набыў адзін флакончык у менскай манашкі. І таксама не звярнуў увагі, што купляе: думаў, прадукцыя з Румыніі. Мужчына вельмі здзівіўся інфармацыі пра падтрыманне манастыром Расеі ў вайне.

«Што ж, атрымліваецца, я падтрымаў сёння Расею, — заклапочана сказаў Цыпрыян, гледзячы на свой набытак. — Безумоўна, гэта кепска, што яны тут. Я не ведаў. Гэта пытанне да мясцовых уладаў, чаму яны тут».

Цыпрыян быў у Беларусі 20 гадоў таму і апошні раз — перад пандэміяй: кажа, вельмі падабаецца нашая краіна, моцна засмучаны тым, што цяпер у нас адбываецца, чакае перамогі Украіны ды аднаўлення свабоды і справядлівасці на нашых землях.

Наведвальнікі Фестывалю трох культур аглядаюць прадукцыю Свята-Елісавецінскага манастыра. Ўладава, Польшча. 21 верасня 2024 года. Фота: Белсат

А што арганізатары фестывалю і мясцовыя ўлады?

Не ведалі, хто прыехаў гандляваць на фестываль, і яго арганізатары. Дырэктарка гарадскога музейнага сінагагальнага комплексу Аніта Леўчук вэль Леонюк была вельмі здзіўленая:

«Ідэя нашага фестывалю — прэзентаваць суіснаванне розных культур і стваральнікаў нашага цудоўнага надбужанскага мястэчка Владавы, дзе з самога пачатку суіснавалі юдаізм, праваслаўе і каталіцызм… Мы хочам прасоўваць суіснаванне гэтых культураў, узаемапавагу, талерантнасць. І гэта мэта фестывалю, што ладзіцца з 1995 года. Да нас прыязджаюць госці з розных краінаў, у тым ліку, з суседніх — Украіны, Беларусі. Адна з удзельніц — сястра з Беларусі… Мы не правяраем кожнай асобы, якая да нас едзе, чым яна займаецца і гэтак далей, глядзім толькі на прадукцыю. Мы не ведалі, што гэты манастыр падтрымлівае вайну».

Падобная рэакцыя на навіну пра падтрыманне Свята-Елісавецінскага манастыра расейскай агрэсіі супраць Украіны была ў старасты Владаўскага павету Мар’юша Занька:

«Мы здзіўленыя гэтай інфармацыяй, і добра, што яна да нас трапіла. Прааналізуем гэта з кіраўніцтвам музею, і ў наступным годзе іх тут не будзе. Фестываль трох культураў — падзея непалітычная. Яго мэта — прасоўваць шматкультурнасць Владавы, памежжа, спадчыну трох рэлігіяў — рымска-каталіцкай, юдаізму і праваслаўя. Мы карыстаемся моваю згоды і талерантнасці. Калі казаць пра палітыку, то мы цалкам за перамогу Украіны, бо спакой ва Украіне — гэта спакой і ў Владаве, горадзе на мяжы».

Аніта Ляўчук на Фестывалі трох культур. Ўладава, Польшча. 21 верасня 2024 года. Фота: Белсат

Чым насамрэч займаецца Свята-Елісавецінскі манастыр

Менскі Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр — візітоўка Беларускай праваслаўнай царквы. У ім жывуць 130 манашак. Манастыр пазіцыянуе сябе як прытулак для асобаў, якія праходзяць рэабілітацыю, сацыялізацыю пасля зняволення, цяжка хварэюць ці змагаюцца з залежнасцю.

Адначасова рэлігійная ўстанова не хавае падтрымання вайны Расеі супраць Украіны, збірае ахвяраванні расейскай арміі, рэабілітуе параненых. Манашкі ездзяць на акупаваныя Расеяй тэрыторыі Украіны.

Прадукцыя Свята-Елісавецінскага манастыра на фестывалі Трох культур. Ўладава, Польшча. 21 верасня 2024 года. Фота: Белсат

Акрамя гэтага, Свята-Елісавецінскі манастыр вядомы ўжываннем таннай працоўнай сілы. За 25 гадоў існавання ўстанова развіла маштабны бізнес у вытворчасці і продажы свечак, іконаў, сувенірнай прадукцыі, гарбатаў, бальзамаў і гэтак далей… «Майстэрня працуе 7 дзён на тыдзень, часцяком працуе і начамі, не спыняецца праца майстэрні і 24 гадзіны на содні», — апавядала «Хрысціянская візія».

Манастыр стварыў буйную гандлёвую сетку ў Беларусі. Рэгулярнымі партыямі адпраўляе прадукцыю і за мяжу ў суправаджэнні сясцёр: Францыя, Вялікая Брытанія, Італія, Ірландыя, ЗША, Аўстралія, Ізраіль і Сербія.

Каментары12

  • Лёлік з-пад Лімасола
    30.09.2024
    Цікава яшчэ паглядзець, што у сябе на старонках у сацсетках (вк) рэпосцяць супрацоўнікі гэтай установы. Там такі трэш, уууу
  • Фдзя
    30.09.2024
    Беларуская Православная церковь должна быть аутокефальной.
  • Андрусь
    30.09.2024
    "Менскі Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр — візітоўка Беларускай праваслаўнай царквы".
    Ды не! Трэба пісаць "Менскі Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр — візітоўка філіі Расійскай праваслаўнай царквы ў Беларусі". Нічога беларускага ў гэтай філіі няма, а Веніямін той скарчаваў і тыя рэшткі, якія заставаліся з часоў Філарэта. Мяне колькі год таму папрасілі пахрысціць дзяўчынку, то ва ўсёй Гомельскай епархіі, як нам паведамілі ва ўправе епархіі, няма аніводнага папа, які здольны выканаць хрэсьбіны на нашай мове. Давялося хрысціць у Чарнігаве, дзе ёсць святар - этнічны беларус, які змог правесці сакрамэнт па-беларуску.

Пасля 2020-га ад Ярмошынай адмовіўся нават садоўнік, які стрыг яе кусты ў Драздах13

Пасля 2020-га ад Ярмошынай адмовіўся нават садоўнік, які стрыг яе кусты ў Драздах

Усе навіны →
Усе навіны

«Думала, у Зябраўку прыляцела». Пад Гомелем, імаверна, выбухнуў беспілотнік4

Нефтыда, Эма Авіталь, Даніэль Джыдэна, Леброн. Якія незвычайныя і крэатыўныя імёны давалі мінчукі ў мінулым годзе2

Паляшук спрабаваў завесці самаробны трактар з дапамогай іншага самаробнага трактара і перакуліў яго на сябе

На Сяргея Міхалка завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі12

У Мінску кватэра з такім высокім парадкавым нумарам усяго адна. І яна прадаецца6

Прэм'ер Грэнландыі: Мы не хочам быць амерыканскімі або дацкімі, але хочам быць незалежнымі2

«Іх шукае міліцыя». У Мінску на стэндах з’явіліся фоты Славы Камісаранкі і Сяргея Міхалка17

Што чакае Беларусь у бліжэйшыя пяць гадоў? А Расію і Еўропу? Спецдакладчык ААН па Беларусі дае свой расклад18

У Мінску з'явілася вуліца маршала Баграмяна2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля 2020-га ад Ярмошынай адмовіўся нават садоўнік, які стрыг яе кусты ў Драздах13

Пасля 2020-га ад Ярмошынай адмовіўся нават садоўнік, які стрыг яе кусты ў Драздах

Галоўнае
Усе навіны →