Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў супрацы з выдавецтвам фонду «Камунікат» выпускае грунтоўны альбом-даведнік «Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце», створаны сябрамі Управы БІНіМу Наталляй Гардзіенка і Лявонам Юрэвічам, паведамляе Bellit.info.
На больш чым 600 старонках змешчаныя каляровыя выявы надмагілляў і біяграмы пахаваных беларусаў ды ўраджэнцаў Беларусі ў Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Даніі, ЗША, Італіі, Канадзе, Нямеччыне, Францыі, Чэхіі, Чылі, Швецыі. Гэты дыхтоўны том ёсць вынікам шматгадовай збіральніцкай працы і падтрымкі дзясяткаў зацікаўленых беларусаў з розных краінаў. Кніга выходзіць у серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны».
Паводле ўкладальнікаў, кніга рыхтавалася пяць гадоў, а матэрыялы да яе пачалі збірацца яшчэ ў 1990-я гады.
БІНіМ і аўтары дзякуюць усім, хто дапамагаў збіраць інфармацыю, а таксама прысвячаюць кнігу памяці Вітаўта Кіпеля, які быў захоплены ідэяй яе стварэння і асабіста шмат гэтаму паспрыяў.
Каментары