У Лос-Анджэлесе, дзе тыдзень змагаюцца з пажарамі, чакаюць ураганны вецер. Згарэла як палова Мінска
Пяць пажарных брыгад працягваюць змагацца з агнём у раёнах Лос-Анджэлеса, спрабуючы справіцца з двума буйнымі і двума меншымі ляснымі пажарамі на поўдні Каліфорніі, піша Радыё Свабода
Колькасць загінулых у выніку пажараў, якія пачаліся роўна тыдзень таму, за апошнія суткі не змянілася і складае 24 чалавекі. Зніклымі без вестак лічацца, паводле апошніх звестак, 23 чалавекі.
Сіноптыкі даюць несуцяшальныя прагнозы па ветры на бліжэйшы час. Паводле іх інфармацыі, парывы могуць дасягаць 113 кіламетраў у гадзіну, што стварае рызыку новых узгаранняў. Мэр Лос-Анджэлеса Карэн Бас заявіла, што вецер, па прагнозах, «будзе блізкі да ўзроўню ўрагану», у сувязі з чым улады прымаюць экстраныя меры рэагавання.
Самы буйны лясны пажар у раёне Пасіфік-Палісэйдс ахапіў больш за 90 квадратных кіламетраў. Супрацоўнікам экстраных службаў удаецца ўтрымліваць пад кантролем толькі 14% перыметра пажару.
Інфармацыя пра зніклых без вестак паступіла з зон уздзеяння пажараў «Палісэйдс» і «Ітан». Для 90 тысяч мясцовых жыхароў захоўваецца ў сіле распараджэнне аб эвакуацыі з-за цяперашняга бедства.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у панядзелак на брыфінгу з прадстаўнікамі экстраных службаў заявіў, што аднаўленне пасля пажараў, якія за тыдзень ператварылі некаторыя раёны Лос-Анджэлеса ў тлеючыя руіны, абыдзецца ў «дзясяткі мільярдаў долараў».
Байдэн выказаў глыбокія спачуванні ахвярам разбуральных лясных пажараў. Ён назваў страты велізарнымі.
«Нашы сэрцы разрываюцца за 24 невінаватыя душы, якія мы страцілі. Джыл і я молімся за іх і іх блізкіх», — сказаў прэзідэнт ЗША.
Кіраўнік Белага дома запэўніў, што яго адміністрацыя ўважліва сочыць за сітуацыяй.
«Я рэгулярна атрымліваю зводкі аб мерах па тушэнні гэтых пажараў і даў указанне сваёй камандзе аператыўна рэагаваць на любыя запыты аб дадатковай федэральнай дапамозе», — прыводзіць словы Байдэна «Голас Амерыкі».
Агульная плошча выгаралай зямлі складае больш за 39 000 акраў — прыблізна ў 2,5 раза больш, чым Манхэтэн (каля 140 кв кіламетраў).
Большасць ахвяр прыпадае на пажар у Ітан-Каньёне. Пажар у Пасіфік-Палісэйдс, як адзначаецца, забраў восем жыццяў.
На поўдні Каліфорніі, дзе знаходзіцца Лос-Анджэлес, з мая выпала ўсяго 2,5 міліметра ападкаў. Праз павышэнне тэмпературы і скарачэння ападкаў, звязаных з кліматычнымі зменамі, сезон пажараў у рэгіёне пачынаецца ўсё раней і заканчваецца ўсё пазней, набліжаючыся да круглагадовага, адзначае Асацыяцыя пажарных.
Каментары