Ноччу ўкраінскія беспілотнікі атакавалі Тульскую, Саратаўскую, Арлоўскую, Растоўскую вобласці і Татарстан
Дроны масава атакавалі расійскія рэгіёны ноччу 14 студзеня.
Спачатку дроны ўдарылі па Тульскай вобласці, выбухі прагрымелі над горадам Алексін. Мясцовыя ўлады паведамілі пра знішчэнне мінімум 16 БПЛА.
Толькі патушылі пажар у Энгельсе Саратаўскай вобласці, як гэтай ноччу яго зноў атакавалі дроны. Губернатар Саратаўскай вобласці Раман Бусаргін пацвердзіў траплянне ў нейкі «прамысловы аб'ект». У мінулы раз, калі была атакаваная нафтабаза камбіната «Крышталь» з палівам для авіябазы, улады выкарыстоўвалі такую ж фармулёўку. Дроны атакавалі нафтабазу 8 студзеня, яе патушылі толькі праз пяць дзён.
У Энгельсе і Саратаве з-за атакі БПЛА сёння адмянілі заняткі ў школах.
У прыгарадзе Казані пасля атакі БПЛА, са слоў мясцовых жыхароў, адбылося ўзгаранне газавай цыстэрны, бачны моцны пажар і дым. Мэтай атакі, імаверна, была база звадкаваных газаў.
У Растоўскай вобласці сілы СПА знішчылі 14 украінскіх дронаў, пацярпелых няма.
Над Варонежам быў, паводле мясцовых уладаў, знішчаны беспілотны лятальны апарат, папярэдне, пацярпелых няма.
Над Арлоўскай вобласцю збіта 17 беспілотнікаў, паведаміў губернатар Андрэй Клычкоў. Паводле яго, пацярпелых і пашкоджанняў няма.
Аэрапорты Казані, Калугі, Саратава, Тамбова, Ніжнякамска, Пензы, Ульянаўска закрыты, уведзены план «Дыван».
Увечары ўчора ўкраінскія ракеты атакавалі прадпрыемствы ВПК у Бранскай вобласці, у тым ліку хімзавод, які выпускае боепрыпасы.
Каментары