Ветэрынара са Смілавічаў асудзілі па пяці палітычных артыкулах. Яму пагражала да 12 гадоў калоніі
Арцёма Кухаронка вінавацілі ў «закліках да санкцый» і «садзейнічанні экстрэмізму». Вось як яго знайшлі.
Арцёму Кухаронку 42 гады. Па звестках Digital intelligence team, ён родам са Смілавічаў Чэрвенскага раёна. Вучыўся ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Арцём усё жыццё працаваў у гэтай сферы — ветэрынарным доктарам, выкладчыкам у Смілавіцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым каледжы, тэхнікам. Таксама ён дырэктар ветэрынарнай фірмы «ХімВет».
Амаль заўжды працаваў на некалькіх працах адначасова — агулам у базах «Кіберпартызанаў» дзясяткі запісаў пра ягоныя працы.
Апошнія каментары Арцёма датуюцца траўнем 2024 года, пасля ён знік з сацсетак. Імаверна, тады Кухаронак і быў затрыманы.
Падобна, што справа ў ягоных допісах у сацсетках і каментарах у тэлеграме — акаўнты называюцца яго ўласным імем, а тэлеграм-акаўнт прывязаны да ўласнага тэлефона Арцёма.
Кухаронка судзілі ў Мінскім гарадскім судзе. Яго вінавацілі па пяці артыкулах — «удзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361-1), «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК), «заклікі да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361 КК) і «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК).
Судзіў яго 36-гадовы Сяргей Кацар. Ён выдаў беларусам некалькі дзясяткаў тысяч рублёў штрафаў і некалькі тысяч сутак арышту па адміністрацыйных пратаколах, а таксама больш за сотню гадоў зняволення па крымінальных справах.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары