«Я меў на ўвазе блізкасць беларускага народа, а не краіны». Кіраўнік МУС Літвы адказаў на крытыку прэм'ера
Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч апраўдаўся за словы, што беларускі народ культурна самы блізкі літоўцам.
Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч пасля крытыкі з боку прэм'ер-міністра растлумачыў свае словы пра блізкасць беларускай нацыі да літоўцаў.
Ён падкрэсліў, што меў на ўвазе не краіну Беларусь, а беларускі народ, піша LRT са спасылкай на 15min.lt..
«Я меў на ўвазе народ, паколькі мяне пыталіся менавіта пра беларусаў, і дакладна не пра краіну — краіна знаходзіцца пад кантролем дыктатара Лукашэнкі, і ніякіх апраўданняў гэтаму быць не можа», — заявіў Кандратовіч.
Міністр сцвярджае, што ён гаварыў пра гістарычны кантэкст і агульную гісторыю Літвы і Беларусі.
«Насамрэч агульная гісторыя, гісторыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай паказала, што мы можам быць разам з беларускім народам. Мы разам перажылі ўціск рускага цара калісьці і чырвонай імперыі. Сёння, на мерапрыемствах у гонар 13 студзеня, я пачуў добры каментар, фразу пра тое, што гісторыя трох паўстанняў надала сілы і духу ў 1990—1991 гадах, калі мы ішлі абараняць сваю незалежнасць.
Кажучы пра паўстанні, у гэтых дзеяннях удзельнічалі і людзі, якія жывуць у Беларусі. Шкада, што ім не ўдалося запаліць полымя свабоды так, як гэта ўдалося Літве, але я веру, што ў іх гэта атрымаецца», — адзначыў Кандратовіч.
Пры гэтым міністр унутраных спраў прызнаў, што такую ідэю дружбы народаў могуць выкарыстоўваць беларускія праўладныя каналы.
«Але так, нельга забываць, што там зараз кіруе Аляксандр Лукашэнка, які ўзурпіраваў усю ўладу ў краіне, і наша бяспека не дазваляе нам дзейнічаць іначай, чым мы робім зараз: мы павінны ўлічваць усе пагрозы, якія зыходзяць адтуль», — падкрэсліў Кандратовіч.
У інтэрв'ю «Настоящему времени» міністр унутраных спраў Літвы заявіў, што культурна самая блізкая краіна для Літвы — гэта Беларусь. Яго выказванне пракаментаваў прэм'ер-міністр Гінтаўтас Палуцкас: ён адзначыў, што словы пра блізкасць беларускай нацыі гучаць дзіўна.
Каментары
Кандратовіч жа лічыць нас роўнымі і блізкімі народамі, з агульнай спадчынай.
Здаецца, што можа быць відавочней? Паглядзіце адкуль паходзяць лідары паўстання Каліноўскага. Не, некаторыя літоўцы ўсе роўна адмаўляюць усе, проста не жадаюць слухаць штосьці пра Беларусь. Бо рушыцца іх успрыманне гісторыі.
Вангую, пасля Лукі, з узростам нацыянальнай годнасці беларусаў з некаторымі літоўцамі будзе яшчэ цяжэй. Але, дзякуй богу, тут есць вось такія разумныя людзі, як Кандратовіч. Які ніяк і нічога не падзяляе і не забірае.