«Павінна стаяць калі і не ў першых, дык у шэрагах». Мукавозчык заклікаў творчую інтэлігенцыю публічна падтрымліваць рэпрэсіі
Вядомы прапагандыст з «СБ. Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык выступіў з артыкулам на старонках газеты «Літаратура і мастацтва», у якім ушчувае творчую інтэлігенцыю за тое, што большасць яе ўхіляецца ад прамой публічнай падтрымкі рэжыму Лукашэнкі і яго рэпрэсіўнай палітыкі.
«Чаму вы саромеецеся, сябры, публічна выказаць свой патрыятызм і дзяржаўнасць? Няхай у мастацкай форме, але — выказаць?» — пачынае свой артыкул Мукавозчык, падпісаўшыся як «член Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі».
У якасці лакмусавай паперкі ён прыводзіць свой жа ранейшы «экспрэс-тэст», у якім прапануе адказаць чалавеку на пытанне, за ці супраць ён уведзеных супраць лукашэнкаўскай Беларусі санкцый, і калі супраць — то трэба пра гэта напісаць ці сказаць публічна, а хто ўхіляецца ад гэтага — той «прадстаўнік «антаганістычнага класа».
Ухіляюцца ж, паводле назіранняў Мукавозчыка, многія:
«І тут не толькі пра пісьменнікаў размова — мастакі іх зусім не апярэджваюць. І архітэктары з дызайнерамі таксама. Як і тэатральныя з музычнымі дзеячы, а таксама літаратурна-мастацкія крытыкі. […] Увогуле, не хапае асабіста мне хоць нейкай «дзвіжухі» ў той грамадскай супольнасці, якая ўсведамляе сябе нібыта асобна ад іншых, пад назвай «творчая інтэлігенцыя».
Ад творцаў Мукавозчык чакае «падтрымкі курсу роднай краіны, падтрымкі яе рэальнага суверэнітэту, падтрымкі неабходных рэформ і неабходных рэпрэсій».
«Усіх знойдзем — і ў гэтым «мы», творчая інтэлігенцыя, мяркую, павінна стаяць калі і не ў першых, дык у шэрагах. Ці не, калегі?»
Пасля таго ён паўшчуваў «калег» за тое, што тыя не цэняць дабротаў, атрыманых нібыта ледзь не выключна ад дзяржавы, і не хочуць аддзячыць «руцэ, якая корміць».
«І вось цяпер мы з вамі завяршаем, ідучы на выбары, чарговы гістарычны віток у лёсе нашай Беларусі — а хто пра гэта піша? Спявае? Выказваецца? Я нават дапускаю, што і дагэтуль у вас — у часткі — засталіся пэўныя сумненні», — заўважае Мукавозчык.
Пасля чаго запрашае творцаў уключыцца ў ажыўленне найсумнейшай у найноўшай гісторыі Беларусі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
«Дык давайце! Паспрачайцеся, ці мае рацыю Гайдукевіч у сваім эпічным жэсце ці няхай паказвае яго Сыранкову ў адказ на прапанову таго аб уласнасці. Збярыце круглы стол на тэму бачных добрых якасцей і недахопаў Канапацкай на фоне Хіжняка — ці наадварот. Толькі не маўчыце. Не заменяць лідары меркаванняў, прапагандысты і эксперты творчую інтэлігенцыю, дакладней, не здолеюць прыкрыць яе бездапаможнае маўчанне», — заклікае прапагандыст.
А пасля таго адразу пераходзіць да толькі крыху закамуфляваных пагроз:
«А цяпер не час маўчаць. Інакш потым жа могуць спытаць: вы, значыць, не Талстой? Не Леў, атрымліваецца? Можаце, аказваецца, маўчаць? Дык а навошта тады вы ўвогуле на казённых харчах пад’ядаецеся?»
Дакараючы творцаў, што тыя ў 2020 годзе не жадалі ісці ў адкрыты бой супраць уласнага народа, Мукавозчык адзначае:
«Ну тады — няхай, але вось цяпер — сітуацыя прама супрацьлеглая. Цяпер біцца ўжо не трэба — няма з кім! Затое трэба дапамагчы на будоўлі. Падставіць плячо рэформам. Выказацца на карысць курсу, якім ідзе краіна. Проста праспяваць разам з народам, а то і запявалай калі-нікалі стаць».
Аднак жа, насуперак чаканням, «зноў не відаць гэтага ад творчай інтэлігенцыі». Хоць
«хтосьці ж павінен ісці наперадзе, збіраючы ўвесь вецер і ўсе камяні, але асабістым прыкладам ведучы за сабой? А чаму гэта павінна быць не творчая інтэлігенцыя са сваімі саюзамі, друкаванымі і рознымі органамі і іншымі дзейнымі структурамі?»
Урэшце напрыканцы прапагандыст звяртаецца да гістарычнага досведу і нагадвае, што ад актыўнай падтрымкі рэпрэсій супраць уласнага народа (якія цягам усяго артыкула паблажліва называюцца «рыпрэсіямі») творцы могуць атрымаць істотныя матэрыяльныя бонусы. Бо калі рэпрэсіі былі пры Сталіне:
«так, многія творчыя людзі пацярпелі. Аднак іншыя — і таксама многія — як сыр у масле плавалі, няўжо не? І дзеці іх, а ў некаторых яшчэ і ўнукі, і праўнукі атрымалі ў спадчыну срэбныя лыжкі ў раток. Ці роўная аддача? І потым: можа, гэта такі жыццёвы баланс, гэткі закон захавання, і «рыпрэсіі» ні пры чым?»
Беларуская прапаганда стварыла таблоід «Пятніца». Які выходзіць у сераду
Мукавозчык: Калі ГУБАЗіК затрымае мяне за падпіску на Матольку, абсалютна будзе мець рацыю
«Страшна тое, што яны робяць у рамках Саюзнай дзяржавы». Супраць Бондаравай і яе каманды выступіў нават Мукавозчык
Мукавозчык: Пагоню пара ў іх забіраць, яна павінна быць наша
«Людзі выходзілі адтуль мокрыя, быццам у г…но іх мачанулі». Прапагандыст Мукавозчык вучыў патрыятызму жодзінскіх педагогаў
Каментары
Товарищ А.Муковозчик