У 2024 годзе ўжо прагаласавала больш за мільярд чалавек. Дэмакратыя перамагае ці прайграе?
У гэтым годзе не менш за 67 краін з агульнай колькасцю насельніцтва 3,4 мільярда чалавек ужо правялі нацыянальныя выбары. Якія тэндэнцыі можна заўважыць?
У пачатку гэтага года The Economist выказаў дапушчэнне, што «марафон галасаванняў» у 2024-м стане «гіганцкай праверкай нерваў». Кожны трэці выбаршчык жыве ў краіне, дзе за апошнія пяць гадоў якасць выбараў прыкметна пагоршылася.
Аналітыкі выдання расказалі, што бачна на дадзены момант, улічваючы, што амаль 90% галасоў па ўсім свеце ўжо аддадзеныя і падлічаныя.
Станоўчыя моманты
Калі гаварыць пра станоўчыя моманты, то аўтары звяртаюць увагу на рост яўкі выбаршчыкаў. Гэтая тэндэнцыя адзначаная ўпершыню за апошнія два дзесяцігоддзі.
Другая прычына для аптымізму палягае ў тым, што спробы падарваць выбары часта цярпелі няўдачу. Перад 2024 годам многія назіральнікі баяліся, што кампаніі па дэзынфармацыі, якія падсілкоўваюцца сацыяльнымі сеткамі і штучным інтэлектам, могуць падмануць выбаршчыкаў.
Аднак у большасці краін выбары прайшлі мірна. Згодна з аналізам даных, праведзеным часопісам The Economist, узровень гвалту, звязанага з выбарамі, у параўнанні з папярэднімі выбарамі ў сярэднім знізіўся ў 27 краінах, па якіх ёсць даныя.
Трэцяя прычына для аптымізму — выбаршчыкі заклікалі лідараў да адказнасці, пазбавіўшы іх улады або парламенцкай большасці. Больш чым у палове дэмакратычных выбараў гэтага года выбаршчыкі галасавалі супраць дзейных лідараў.
Рашучы адпор уладам выбаршчыкі далі ў некалькіх краінах з эканомікай, якая развіваецца, і са станам дэмакратыі пад пытаннем. Так, у ПАР кіроўная партыя ўпершыню з 1994 года страціла парламенцкую большасць, і тое ж адбылося з прэм'ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі. У Турцыі партыя Рэджэпа Эрдагана пацярпела паразу на мясцовых выбарах у буйных гарадах.
Старыя і новыя пагрозы
Выданне адзначае, што, нягледзячы на тое, што дэмакратыя ў нейкай ступені перамагла, насоўваюцца як знаёмыя, так і новыя небяспекі.
У некаторых краінах дыктатары старой загартоўкі перашкаджалі правядзенню выбараў або фальсіфікавалі іх вынікі.
Так, хунты ў Буркіна-Фасо і Малі адклалі выбары на нявызначаны тэрмін. Іншыя рэжымы, напрыклад, у Расіі, Руандзе, Алжыры, Венесуэле, правялі ілжэвыбары.
Аўтары адзначаюць, што, нягледзячы на агульны рост колькасці выбаршчыкаў, у краінах, якія EIU адносіць да «гібрыдных» рэжымаў (паміж недасканалымі дэмакратыямі і дыктатурамі), яўка выбаршчыкаў рэзка ўпала — у сярэднім на 4%.
Гэта сведчыць пра расчараванне выбаршчыкаў. Напрыклад, у Бангладэш нізкая яўка ў 42% засведчыла недавер да шматгадовай лідаркі Шэйх Хасіны, якая ў жніўні была вымушаная пакінуць краіну пасля пратэстаў.
Акрамя гэтага, відавочныя новыя пагрозы для дэмакратыі. Адна з іх — імкненне былых кіраўнікоў заставацца ўплывовымі пасля пакідання пасады.
Напрыклад, у Інданезіі прэзідэнт Джока Відода, хоць і пакіне пасаду ў кастрычніку, можа працягваць уплываць праз свайго сына, абранага віцэ-прэзідэнтам.
Аўтарытарныя лідары-папулісты таксама на ўздыме, маючы вялікія базы прыхільнікаў.
Напрыклад, кіраўнік Сальвадора Наіб Букеле знайшоў формулу поспеху — актыўнае выкарыстанне сацыяльных сетак і масавыя рэпрэсіі супраць злачынцаў. Жорсткія, але эфектыўныя меры прынеслі Букеле 85% галасоў у лютым. У выніку ён абыйшоў канстытуцыйныя абмежаванні на прэзідэнцкі тэрмін, змяніў склад Вярхоўнага суда і прызначыў свайго сакратара часовым прэзідэнтам.
У Еўропе адной з нарастаючых праблем стаў раскол палітычных партый і мадэляў галасавання. Такое становішча ўскладняе кіраванне краінамі, хоць з'яўляецца справядлівым і свабодным выяўленнем дэмакратычных намераў.
Аналітыкі выдання адзначаюць, што няўдалыя вынікі кіравання кааліцыйных урадаў могуць падаграваць цынізм выбаршчыкаў і павялічваць падтрымку дэструктыўных, аўтсайдарскіх партый. Так, на рэгіянальных выбарах у трох федэральных землях Германіі значна ўзрасла падтрымка ультраправых і ультралевых партый.
Як заўважаюць аўтары артыкула, на гэты момант дэмакратыя амаль прайшла велізарнае выпрабаванне нерваў у 2024 годзе. Законная і мірная перадача ўлады ў ЗША магла б умацаваць давер усяго свету да ўстойлівасці палітычных свабод. Аднак гэта, на жаль, не з'яўляецца гарантаваным.
Каментары