Беларус у калоніі вывучыўся на праграміста, але красці не кінуў
У Мінску будуць судзіць 36-гадовага праграміста, якога абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, паведамляюць «Мінск-Навіны» са спасылкай на пракуратуру.
Паведамляецца, што мужчына быў неаднаразова судзімы. Падчас адбыцця пакаранне ў месцах пазбаўлення волі ён вывучыўся на ІТ-спецыяліста.
Пасля вызвалення былы зняволены ўладкаваўся тэхнікам-праграмістам у камп'ютарную фірму, дзе атрымліваў больш за 7,5 тысяч рублёў у месяц. Аднак яго загубіла прыхільнасць да азартных гульняў.
«У сувязі з чым у перыяд з сакавіка па жнівень 2024 года ў некалькі этапаў ён скраў на працы ноўтбукі і графічны планшэт, частка з якіх былі абсалютна новымі. Выкрадзеную маёмасць зламыснік здаў у ламбарды. Агульная сума нанесенай кампаніі шкоды склала больш за 100 тыс. рублёў», — паведамляе агенцтва.
Калі нястачу выявілі, то работніка звольнілі. Ён у якасці помсты блакаваў і парушыў працу камп'ютарнай сістэмы фірмы, у сувязі з чым арганізацыя панесла страты на суму больш за 5 тысяч рублёў.
Таксама стала вядома, што ў названы перыяд мужчына прысвоіў яшчэ тры ноўтбукі і мабільны тэлефон агульным коштам 31,3 тысячы рублёў, якія таксама здаў у ламбарды, а атрыманыя грошы патраціў на стаўкі ў анлайн-казіно.
У выніку мінчука будуць судзіць за крадзеж, прысваенне альбо растрату, а таксама за знішчэнне, блакаванне або мадыфікацыю камп'ютарнай інфармацыі.
Сам ён, аднак, віну прызнае толькі часткова — адмаўляе сваё дачыненне да таго, што блакаваў і парушыў працу камп'ютарнай сістэмы фірмы.
Каментары