Праекціроўшчыкі паказалі, як будзе выглядаць плошча Бангалор у Мінску. Ім сказалі падумаць лепш
Праекціроўшчыкі прадставілі 5 варыянтаў, як звонку будзе выглядаць станцыя метро на плошчы Бангалор у Мінску. Ідэі ацанілі члены архітэктурна-горадабудаўнічай рады, піша «Мінск-Навіны».
Канструктыўнае рашэнне будучага збудавання ўжо вызначана і ўзгоднена з «Дзяржбудэкспертызай», а вось знешні выгляд праектны інстытут вырашыў вынесці на абмеркаванне экспертаў.
Папярэдне галоўны архітэктар праектаў Юрый Мацяш расказаў, што рыхтавалася шмат версій. Аднак на суд рады вынеслі пяць варыянтаў.
Габарыты вентшахты — 32 × 22 × 6 м, яна інтэграваная ў інтэр'ер станцыі «Парк Дружбы народаў», якая ў перспектыве будзе перасадачнай на 4-ю лінію падземкі. Будова крыжападобная па форме, уверсе — два зенітныя ліхтары, якія даюць верхняе святло. Яна немаленькая і стане акцэнтам. Таму важна, як будзе выглядаць на пляцы.
Што прапанавалі спецыялісты
Варыянт 1
Мінімалістычна. Плануецца не хаваць шахту або не дэкараваць яе з гэтай мэтай, а пакінуць бетонныя канструкцыі ў цёмна-шэрым колеры.
Варыянт 2
Адрозніваецца тым, што фасад абліцоўваецца керамагранітам або робіцца так званае спайдэрнае шкленне, што палягчае збудаванне. Спайдэрнае шкленне фасадаў — спосаб мацавання шкляных панэляў да фасада будынка з дапамогай спецыяльных кранштэйнаў, якія называюць спайдэрамі. Яны маюць своеасаблівую форму павука.
Варыянт 3
У такой версіі прапануецца адцягнуць увагу ад канструкцыі. Улічваючы, што побач знаходзіцца парк Дружбы народаў, архітэктары вырашылі развіць тэму і стварыць на плошчы круглыя каралі з флагштокамі, дзе размесцяцца сцягі дружалюбных дзяржаў. У цэнтры — беларускі. Сам масіў венткамеры схаваюць калонападобныя туі.
Варыянт 4
Вакол збудавання — своеасаблівы пояс, які абмяжоўвае доступ да аб'екта і, як шырма, затуляе яго з розных бакоў. На паверхнях, што агароджваюць канструкцыі, можна напісаць слова «сяброўства» на розных мовах. Флагштокі ў гэтай версіі захоўваюцца.
Варыянт 5
Тут з'яўляецца Курган дружбы, схілы якога цалкам схаваюць вентшахту. Таксама на схілах задуманы квадратныя ўстаўкі з жывой расліннасцю (трава, мох). Такі варыянт уладкавання дае магчымасць пад'езда спецтэхнікі для абслугоўвання аб'екта. А аблічча кургана за кошт спалучэння матэрыялаў набудзе візуальную лёгкасць, мяркуюць праекціроўшчыкі.
Што сказалі эксперты
Падчас абмеркавання члены архітэктурна-горадабудаўнічай рады аднадушна прызналі недарэчным рашэнне са сцягамі.
«Незразумелы мемарыял. Навошта ён? Тым больш непадалёк на вул. Арлоўскай знаходзіцца плошча Дзяржаўнага сцяга», — заўважылі выступоўцы.
Нехта з экспертаў звярнуў увагу, што калі спыняцца на варыянце з курганам, то лепш яго выканаць у выглядзе землянога адхону.
А вось версія са шкляным фасадам не самая аптымальная, паколькі ў вячэрні час адлюстраванне святла фар здольнае асляпляць аўтамабілістаў.
Прагучалі і іншыя меркаванні: «Каб абгуляць венткамеру, патрэбны цікавыя ландшафтныя прыёмы», «Не трэба нічога хаваць, хай аб'ект застаецца бачным, але вакол яго неабходна зрабіць добрую пейзажную кампазіцыю», «Можна «пагуляць» з рэльефам вакол і не абавязкова паўтараць форму круга».
Вынікі падвёў галоўны архітэктар сталіцы Віктар Гуцько, сказаўшы, што прадстаўленым варыянтам неабходна дадатковая прапрацоўка, паколькі на сёння рашэнне не знойдзена.
Каментары