Швецыя выпрабуе новую тэхналогію «рою дронаў», распрацаваную ўзброенымі сіламі краіны і кампаніяй Saab, заявіў міністр абароны Поль Ёнсан у панядзелак, піша Голас Амерыкі.
Ёнсан паведаміў на прэс-канферэнцыі, што армія правядзе выпрабаванні тэхналогіі, якая была распрацавана ў паскораным парадку цягам мінулага года, падчас вучэнняў Arctic Strike, запланаваных на вясну 2025 года.
«Нам давядзецца пайсці на некаторыя рызыкі, каб стварыць больш магутны абаронны патэнцыял хутчэй, чым мы гэта робім звычайна», — адзначыў ён.
Ёнсан растлумачыў, што тэхналогія дазваляе ствараць раі дронаў розных памераў, якія могуць аўтаномна выконваць пастаўленыя задачы. «З дапамогай гэтых раёў дронаў можна праводзіць разведку, пазіцыянаванне і ідэнтыфікацыю. Тэхналогія таксама можа дапамагчы маніторыць дарогі, перадаваць выявы і вяртаць дроны для падзарадкі».
Швецыя далучылася да заходняга абароннага альянсу НАТА ў сакавіку 2024 года на фоне поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну і плануе павялічыць выдаткі на абарону да 2,6% ВУП да 2028 года ў параўнанні з 2,2% у 2024 годзе.
Шведскія медыя адзначаюць, што камандуючы арміяй і міністр абароны Швецыі асабіста ўдзельнічалі ў сакрэтным праекце. З новым праграмным забеспячэннем можна кіраваць роем, які складаецца з сотняў беспілотнікаў.
Каментары